Пакуль не стоміцца пытанне пытаць
17.03.2025
14 сакавіка ў нотна-музычнай бібліятэцы адбылася цудоўная вечарына “Пакуль не стоміцца пытанне пытаць”. Гэта была сустрэча з кіраўнікамі Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алесем Мойскім і Алесей Сівохінай, якія падрыхтавалі шмат цікавага і адказвалі на шматлікія пытанні прысутных на працягу ўсяго мерапрыемства. Алесь Мойскі – сцэнарыст,журналіст, рэжысёр тэатра, Алеся таксама рэжысёр і таленавітая спявачка. Падчас сустрэчы А.Мойскі чытаў свае ўласныя вершы, якія піша з 15 гадоў і іх выпадкова маглі чытаць толькі падпісчыкі часопісаў “Маладосць”,”Бярозка” і газеты “Літаратура і мастацтва”. У выкананні А.Сівохінай гучалі песні на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Р.Барадуліна, М.Шагала, А.Міцкевіча, Ул. Караткевіча , Ю.Тувіма, Л.Паўлікавай-Хейдаравай у перакладзе Р.Барадуліна і А.Камоцкага. На вечарыне ўзгадалі артыста Купалаўскага тэатра Андрэя Каляду, які заснаваў тэатр “Жывое слова” у 1966 годзе. Цудоўна ўспрынялі слухачы цыкл песен “Што ёсць каханне” на вершы Р.Барадуліна. Гэта былі і сумныя лірычныя творы, ад якіх на вочы набегалі слёзы, так і вясёлыя творы , ад якіх слёзы ад смеху і ўсмешка да вушэй. Незабыўная вечарына, дзе панавала паэзія і любоў.


