поиск в каталоге

стрелочка Пра творчасць, пра жыццё і пра тое, што нас яднае

admin05.03.2025

У бібліятэцы №2 імя Н.К. Крупскай адбылася літаратурная сустрэча з Аленай Анатольеўнай Стэльмах, першым намеснікам старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаным журналістам Беларускага саюза журналістаў, публіцыстам, перакладчыкам, аўтарам кніг для дарослых і дзяцей.

Перш, чым пачаць размову пра сябе, сваю прафесійную дзейнасць, літаратуру, Алена Анатольеўна шчыра прызналася, што самае прыемнае для яе заўсёды – гэта сустрэчы з чытачамі. Таму з радасцю пазнаёміла прысутных са сваімі творамі. Асаблівую ўвагу надала вельмі дарагой для яе кнізе “Навасады”, у якой гаворка ідзе пра малую Радзіму – вёску Дзяржынскага раёна, дзе яна нарадзілася і дзе прайшлі яе дзіцячыя гады. У кнізе Алена Анатольеўна ўспамінае сваіх землякоў, іх лёсы, цесна пераплеценыя з гісторыяй вёскі. Працуючы над кнігай, пісьменніца шмат часу надала пошуку дакладнай інфармацыі ў архівах. Але ўсё ж вялікую каштоўнасць уяўляюць успаміны звычайных людзей, якіх не зламалі жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на іх долю. Кожная старонка кнігі працятая душэўнай цеплынёй аўтара, хваляваннем і падзякай лёсу за шчасце быць часцінкай сваёй зямлі, за сваё дачыненне да яе гісторыі і за магчымасць напісаць пра тое, што дорага і свята.

Па словах Алены Анатольеўны, літаратурныя часопісы – гэта своеасаблівая лабараторыя для аўтара, дзе чытач адкрывае для сябе новы, яшчэ не выдадзены асобнай кнігай твор, ацэньвае яго. У часопісе “Нёман” апублікавана аповесць пісьменніцы “Дзень міру надыдзе”. А беларусы добра ведаюць цану міру. Знакава, што аповесць выйшла ў год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ёсць у бібліятэцы і чатырохтомнае выданне”Анталогія сучаснай літаратуры краін СНД”. Алена Анатольеўна як каардынатар гэтага праекта ад Беларусі падкрэсліла яго маштабнасць і ўнікальнасць.

У канцы сустрэчы ў чытачоў была магчымасць задаць свае пытанні, абмеркаваць хвалюючыя тэмы і падзяліцца ўражаннямі. Адна са слухачак прыемна здзівіла Алену Анатольеўну тым, што прынесла з сабой на мерапрыемства газету з інтэрв’ю пісьменніцы, якое выйшла некалькі гадоў таму, а другая падарыла букет, створаны сваімі рукамі.