Прэзентацыя кнігі прозы Міхася Пазнякова “Голас”
29.11.2023
У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі прозы Міхася Пазнякова “Голас”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Кнігу склалі аповесці, апавяданні, абразкі і эсэ. Магістральнай тэмай выдання з'
яўляецца тэма Радзімы, чалавечай годнасці, мужнасці, адданасці добрай справе. У аснову большасці твораў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял, жыццё блізкіх людзей, незабыўныя сустрэчы на жыццёвых дарогах.
З водгукам на кнігу выступілі пісьменнікі Алена Стэльмах, Уладзімір Мазго, Валянціна Драбышэўская, Аліна Легастаева і Тамара Кавальчук. Яны падзяліліся сваімі адметнымі ўражаннямі ад чытання твораў, зачыталі асобныя абразкі, адзначыўшы многія аўтарскія ўдачы.
Заслужаны артыст Беларусі, акцёр тэатра і кіно, пісьменнік Андрэй Душачкін па-майстэрску прачытаў урывак з апавядання “Ліст з мінулага”. Шчырыя словы пра віноўніка змястоўнага мерапрыемства і яго творчасць сказала вядомая паэтэса і перакладчыца Валянціна Паліканіна. Яна таксама прачытала верш Міхася Пазнякова “Тваё імя шаптаў малітваю” у сваім перакладзе на рускую мову.
Знакаміты кампазітар, народны артыст Беларусі, член СПБ Эдуард Ханок павіншаваў калегу адной са сваіх песень. Песні на вершы Міхася Пазнякова ў гэты вечар прагучалі таксама ў выкананні аўтараў музыкі да іх Таццяны Жылінскай, Наталлі Хадкевіч, Аляксандра Страцэўскага.
Міхась Паўлавіч адказаў на многія пытанні і падарыў кожнаму з выступоўцаў сваю новую кнігу з аўтографам. Пасля заканчэння прэзентацыі многія змаглі паразмаўляць з вядомым пісьменнікам, атрымаць ад яго кнігу з аўтографам.



