“Роднае слова з вуснаў ліецца”
11.07.2022
7 ліпеня ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася грамадска-культурная акцыя-прысвячэнне “РОДНАЕ СЛОВА З ВУСНАЎ ЛІЕЦЦА” да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Яна пачалася ўрачыстай цэрымоніяй ускладання кветак да помніка Янку Купале ў парку яго імя.

На бібліятэчнай пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчаты сумесна з бацькамі ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай праграме. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі расповед бібліятэкара пра дзяцінства Янкі. На экране тэлевізара ўбачылі калысачку, у якой калыхала маленькага Янку мама, гліняны посуд, з якога ела ўся сям’я. Шмат цікавых фактаў з жыцця паэта дзеці даведаліся, разгадваючы крыжаванкі, прымаючы ўдзел у віктарынах. Юныя чытачы таксама пачулі гісторыю верша “Хлопчык і лётчык”, разам чыталі яго ўголас і з захапленнем размалёўвалі ілюстрацыі да яго. Кожны ўзяў на памяць свой малюнак. І вядома, не абышлося без цікавага задання – усе разам шукалі на тэрыторыі бібліятэкі “папараць кветку”.

Падчас урачыстага прывітання супрацоўнік бібліятэкі распавяла пра тое, як Іван Луцэвіч стаў Янкам Купалам, і якія, увогуле, у яго былі псеўданімы; які воблік меў паэт і які ў яго быў характар. З цікавасцю наведвальнікі бібліятэкі прайшлі пуцявінамі жыцця і творчасці Янкі Купалы. Гучала цудоўная беларуская мова, госці мерапрыемства чыталі вершы класіка.


Далей адбылася прэзентацыя фотавыставы “Жывём з імем Купалы” удзельнікаў бібліятэчнага гуртка “Пазітыў”. Экскурсію па выставе правёў кіраўнік гуртка Мікола Ліннік, які расказаў пра ідэю кампазіцыі фотавыставы. Ён адзначыў, што выстава складаецца з двух блокаў. Першы – на якім адлюстраваны помнікі Народнаму песняру ў розных гарадах і мясцінах Беларусі, а таксама за межамі нашай краіны. Другі блок – гэта фотаздымкі гурткоўцаў з літаратурнага музея Янкі Купалы.




На працягу ўсяго дня ў бібліятэцы гучалі радкі Янкі Купалы, музычныя творы на словы класіка. Таксама карыстальнікі бібліятэкі з задавальненнем глядзелі фільм “Пасля ярмаркі” па матывах п’есы “Паўлінка”.