Роднай мовы таямніцы
21.02.2023
21 лютага ва ўсім свеце адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай знамянальнай даты ў аддзелах бібліятэкі № 2 былі арганізаваны кніжныя выставы, падрыхтаваны віктарына “Любі, шануй, ведай роднае слова” і філворд “Адшукай беларускія словы”, у якіх можа прыняць удзел кожны жадаючы. А 23 лютага для вучняў 3 “Е” класа Гімназіі № 6 прайшоў турнір знаўцаў “Роднай мовы таямніцы”.
У час падарожжа хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат новага і цікавага. З дапамогай пытанняў-загадак успомнілі, што такое фразеалагізмы і навучыліся іх тлумачыць. Паглядзелі цікавае відэа і ўзбагацілі свой слоўнік новымі беларускімі словамі. Пабылі перакладчыкамі, пачулі пра хітрыя словы-падманшчыкі, якія супадаюць гучаннем, але лексічнае значэнне маюць рознае. Паўтарылі беларускі алфавіт, асаблівасці галосных гукаў. Склалі разам словы з літар, якія пераблыталіся. Паслухалі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове. А яшчэ ўпершыню паглядзелі мультфільм па казцы Ўладзіміра Дубоўкі “Як сінячок да сонца лётаў”.
Развітваючыся, дамовіліся аб тым, што будзем працягваць старанна вывучаць беларускую мову і абавязкова прыходзіць у бібліятэку, чытаць кнігі. Таму што гэта неабходная ўмова для таго, каб дасканала авалодаць любой мовай свету, а найперш той, што засталася нам у спадчыну.
