Ручай крыштальнай мовы
14.02.2023
Кожны народ мае спадчыну — мову. Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці, з яе песень, з цудоўных беларускіх казак і паданняў. З роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі дом, выпраўляючыся ў самастойнае жыццё. Мова прыходзіць да нас са старонак кніг і часопісаў. Вялікі дзякуй за гэта паэтам і пісьменнікам, творцам мастацтва.
Аб мове беларускай ішла гаворка на вечарыне “Ручай крыштальнай мовы”, што адбылася ў бібліятэцы № 11. Нібы шэпт таемны, перазвон срэбны гучалі вершы, прысвечаныя нацыянальнаму скарбу Беларусі, у выкананні членаў драматычнага гуртка “Падмосткі”. У вечарыне прынялі ўдзел старшыня мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў і паэтка Людміла Воранава-Супрун. Яны пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з вершамі аб Радзіме, мясцінах маленства, харастве беларускай прыроды. Цудоўны гурт “Медуніца” падараваў вянок беларускіх песень. Гучныя апладысменты былі ім падзякай.
Да вечарыны была прымеркавана кніжна-ілюстрацыйная выстава “Пакланюся краю беларускаю зычнаю мовай…”.

