“Славутыя. Купала і Колас”
11.07.2022
9 ліпеня бібліятэкі горада Мінска разгарнулі літаратурна-паэтычную пляцоўку каля гарадской ратушы. Яна была прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Жыхары горада пазнаёміліся з выставамі кніг “Жыццёвымі і творчымі сцежкамі Янкі Купалы” і “Славутыя. Купала&Колас”, дзе былі прадстаўлены найбольш цікавыя выданні аб жыцці і творчасці беларускіх песняроў, а таксама іх творы, як для дарослых, так і дзіцячыя выданні.
Жадаючыя паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне “Песняры Беларусі. Купала і Колас”. Рашыўшы філворд, можна было ўзгадаць назвы твораў класікаў, а склаўшы крыжаванку з псеўданімаў Янкі Купалы, даведацца пра яго сапраўдныя імя і прозвішча. Пры дапамозе азбукі беларускага арнаменту можна было дапоўніць нехапаючыя словы пра тое, чым з’яўляліся для Янкі Купалы Вязынка і Акопы.
Цікавай была віктарына “Пытанні “з торбы”. Адказаўшы на іх, можна было даведацца, напрыклад, пра кнігу, пасля знаёмства з якой Янка Купала пачаў пісаць па-беларуску. Знайсці п’есу, якая з’яўляецца візітоўкай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, а па анкеце здагадацца, як завуць гераіню гэтай п’есы. Даведацца, які старажытны літаратурны твор Янка Купала пераклаў на беларускую мову, змяніўшы “Слова” на “Песню”. А таксама знайсці ў торбе атрыбут гульні, за якой Янка Купала і Якуб Колас любілі бавіць час.
Рашаючы арыфметычныя заданні, жыхары сталіцы і госці змаглі даведацца, у якім годзе былі напісаны найбольш вядомыя зборнікі песняроў. Дарослыя і дзеці з задавальненнем складалі радкі ў пераблытаных слупках вершаў класікаў, складалі пазлы з выявамі аб’ектаў, якія носяць імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама пазлы “Купалле”. Маленькія жыхары пазнаёміліся з класікамі беларускай літаратуры, прыняўшы ўдзел у конкурсе малюнкаў “У пошуках папараць-кветкі” і размалёвак серыі “Жылі-былі песняры”.



