Свята беларускай музыкі
23.03.2023
22 сакавіка ў нотна-музычнай бібліятэцы з вялікім поспехам адбыўся канцэрт “Вечаровы роздум” Музычнай капэлы аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У выкананні ансамбля салістаў капэлы ў суправаджэнні струннага квартэта прагучалі беларускія народныя песні ў апрацоўцы А.Багатырова, песні С.Манюшкі “Вечаровая песня” на словы Ў. Сыракомлі і “Залатая рыбка” на верш Я. Захарасевіча, песня кампазітара М.Матысона “Слуцкія ткачыхі” на словы М.Багдановіча, арыя Святланы з оперы Ю.Семянякі “Калючая ружа” і іншыя. Песня І.Паліводы на верш Максіма Багдановіча “Цёмнай ноччу лучына дагарала” выконвалася з акампанементам народнай скрыпкі, з якою ўпершыню з’явілася на сцэне вядомая ўсім аматарам беларускай музыкі майстар ігры на шматлікіх старадаўніх народных інструментах, вакалистка, даследчыца народнай музыкі, кампазітар Кацярына Радзівілава. Яна цалкам захапіла ўсіх гледачоў яскравасцю сваёй выдатнай асобы і надзвычайным талентам. Кацярына прадэманстравала шэраг беларускіх народных інструментаў – дуду, колавую ліру, гуслі, скрыпку. Мы пачулі аповед пра гэтыя інструменты і іх асаблівасці, пачулі іх гучанне, даведаліся пра іх стваральніка – народнага майстра Алеся Лося. Потым Кацярына Радзівілава праспявала цыкл песен на вершы Максіма Багдановіча “Зімой”, “Бяседная”, “Скірпуся”, “Страцім лебедзь”, “Змяіны цар” у суправаджэнні розных народных інструментаў. Усе гэтыя вершы Кацярына сама паставіла на народную музыку, для апошняга верша яна стварыла ўласную музыку, падобную да народнай. Таксама мы пачулі некалькі інструментальных народных твораў у выкананні Кацярыны. Атрымалася вельмі цікава и прыгожа. Гэты выдатны канцэрт гледачы запомняць надоўга.
