Святло Каляднай Зоркі
03.01.2023
У дні школьных канікул у музычнай бібліятэцы адбылася калядная сустрэча вучняў гімназіі № 17 з сямейным хорам “Пілігрымы” прыхода у гонар роўнаапостальнай княгіні Вольгі. Калектыў існуе з 2012 року як дзіцячы, ў 2020 року да хору далучыліся бацькі, з 2021 року да хору дадаліся прыхаджане і людзі, якія любяць спяваць. На сёняшні дзень у складзе хору каля сарака ўдзельнікаў, ёсць прадстаўнікі розных прафесій – настаўнікі, бухгалтары, архітэктары, лекары, вернікі розных канфесій. Вельмі багаты рэпертуар калектыва складаецца з народных беларускіх песень, старабеларускіх спеваў, песень на вершы беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Хор таксама спявае шмат твораў сучасных аўтараў – паэтаў і музыкаў, сярод якіх і канцартмайстар хору Алена Тумаркіна, якая з’являецца і таленавітым кампазітарам, піша музыку для спеваў.
Для вучняў гімназіі хор “Пілігрымы” праспяваў беларускія калядкі “Учора з вячора”, “Ой, калядачкі” і іншыя, яшчэ шмат калядак розных краін свету: прагучала француская калядка 17 стагоддзя “Марш трох каралёў”, гішпанская “Паломніцтва” (А.Рамірэс), нямецкая “Ціхая ноч” (Ф.Грубер), сербская “Анжелі певаю”, грузінская “Аліло да ворі аліло да”, індзейская гуронская калядка “Іісус Ахатонья” і іншыя. Хор спяваў і на мове арыгінала, і ў перакладзе на беларускую мову. Падчас спеваў удзельнікі ансамблю вялі размову з дзецьмі, пазнаёмілі іх з падзеямі Раства Хрыстова у часы валадарання цара Ірада. Дзеці даведаліся пра маці Ісуса Марыю, Святога Язэпа, Калядную Зорку, трох вешчуноў ці каралёў, пастухоў і пра ўсе падзеі і цуды вакол Народзін Ісуса.
Яркія дзіцячыя ўражанні ад цудоўных калядных спеваў і добрых душэўных размоў, Святло Каляднай Зоркі, трэба верыць, застануцца з дзецьмі на ўсё іх далейшае жыццё.
