То водгулле жыцця паэта…
23.03.2023
Кожная літаратура мае незабыўныя імёны — зоркі першай велічыні. Вось ужо больш за сто гадоў беларуская зямля праслаўляе свайго таленавітага сына – Якуба Коласа, які пакінуў зорны след у вечнасці і ў культуры нашай краіны.
Старонкі з жыцця Песняра – цудоўная гісторыя. Гэта ўнікальная пераемнасць пакаленняў, дзе жыццё і любоў продкаў перадаюцца на працягу амаль паўтара стагоддзя.
22 сакавіка ў бібліятэцы № 14 імя Ф. Багушэвіча адбылася сустрэча настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры з нашчадкамі Якуба Коласа – унучкай Верай Данілаўнай Міцкевіч і праўнучкай Васілінай Валер’еўнай Міцкевіч.
Цікавы расказ пра асобу паэта, пра яго характар, звычкі, сямейныя гісторыі, знайшлі жывы водгук у прысутных. Гэта зрабіла больш прыцягальным вобраз пісьменніка не толькі як выдатнага майстра паэтычнага слова, але і як чалавека, з яго думкамі, радасцямі і клопатамі.

