поиск в каталоге

стрелочка Творчы вечар і прэзентацыя кнігі вершаў “Полонез”  Міхася Пазнякова

admin31.01.2025

28 студзеня адбылася творчая сустрэча і прэзентацыя кнігі вершаў “Полонез” Міхася Пазнякова ў бібліятэцы № 22 у межах літаратурнага праекта “Шчырасць”.

На мерапрыемства сабраліся: чытачы кніжніцы, прыхільнікі прыгожага пісьменства, навучэнцы дзевятага класа сярэдняй школы № 170 у суправаджэнні настаўнікаў. Падтрымаць пісьменніка завіталі яго сябры – паэт, празаік, публіцыст, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, галоўны рэдактар часопіса “Новая немига литературная” – Анатолій Аўруцін; паэтка, бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Таццяна Жылінская; паэтка, бард, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Людміла Воранава (Супрун); вядучая артыстка эстрады, тэатра і кіно, мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы – Вольга Багушыньска; паэтка, выкладчык БДАТУ – Ірына Захарава; кампазітар, выканаўца, член Беларускага саюза музычных дзеячоў – Мяцельскі Віктар Сямёнавіч.

У чытальнай зале ладзілася выстава кніг і публікацый паэта, празаіка, публіцыста і мовазнаўцы, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова, якую падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі.

Вечарына была прымеркавана прэзентацыі новай кнігі вершаў аўтара на рускай мове “Полонез”, якая выйшла ў пачатку года у серыі “Бібліятэка лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі” у выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Гэта кніга вынік працы творчага тандэму таленавітых паэтаў Міхася Пазнякова і Анатоля Аўруціна. У зборнік увайшлі хвалюючыя радкі вершаў Міхася Пазнякова, напісаныя ім на працягу шэрагу гадоў, — пра шчаслівае дзяцінства ў сваёй вёсцы Заброддзе, якая згубілася на беразе рэчкі Мроі, што на Магілёўшчыне, пра сям’ю, пра шчырае, чыстае каханне, якое падштурхоўвае чалавека на высакародныя ўчынкі, што дорыць жаданне жыць і тварыць, пра Радзіму, пра сяброўства з брацкай Расіяй і многія іншыя. Прагучалі вершы са зборніка: “Две сестры”, “Скрипачка в подземном переходе”, “Поют колосья”, “Приедь, я покажу тебе края”, “Забродье, милое Забродье…”, “В маминой хате”, “Снова летом я еду домой”,  “Улыбнитесь же мне весной”,  “Любите, любите поэтов – живых”, “Давайте быть сердечнее, о люди…”, “Полонез Огинского” “Храните музыку, храните…” і інш.

Шмат цёплых слоў аўтар пачуў ад сваіх калег па пяру: Анатолія Аўруціна, Таццяны Жылінскай, Людмилы Воранавай (Супрун).

Падчас імпрэзы прагучалі цудоўныя лірычныя песні на вершы Міхася Пазнякова і Анатолія Аўруціна ў выкананні Таццяны Жылінскай, Людмілы Воранавай (Супрун) і Віктара Мяцельскага.

Напрыканцы сустрэчы Міхась Пазнякоў падзяліўся сваімі жыццёвымі назіраннямі, творчымі планамі, марамі, адказаў на пытанні, выказаў падзяку ўсім прысутным гасцям.

Сустрэча прайшла на адным дыханні, шчыра і зацікаўлена.