У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа
02.09.2022
Дзень ведаў – гэта заўсёды добрае, шумнае свята, якое адзначаецца з асаблівай урачыстасцю. Яно аб’ядноўвае тых, хто з павагай ставіцца да кнігі, ведаў, роднага слова.
Традыцыйна 1 верасня навучэнцы сярэдняй школы № 136 і гімназіі № 27 Фрунзенскага раёна пачынаюць свой навучальны год у бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча.
2022 год – знаменальны для нашай краіны. Гэта і Год гістарычнай памяці, і год нараджэння нашых знакамітых паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Першыя заняткі ў сёлетнім навучальным годзе былі накіраваны на выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага і сучаснасці Радзімы, гонару за беларускі народ і яго дасягненні.
Пад час урока вучням было прапанавана медыяпадарожжа, старонкі якога называліся “Людзі зямлі беларускай”, “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” і “Кніга – крыніца мудрасці”. Інтэрактыўная карта “Збяры сваю Беларусь” нагадала кожнаму з удзельнікаў сустрэчы пра матэрыяльныя і духоўныя скарбы, якія можна знайсці ва ўсіх куточках нашай краіны. Шмат пазітыўных эмоцый атрымалі школьнікі падчас выконвання камандных заданняў і адказаў на пытанні па тэме ўрока.
Кажуць, што ў народа, які не ведае і не памятае свайго мінулага, няма будучыні. Кожнае імя, што захавала наша гісторыя, мы павінны ведаць і шанаваць, бо ў гэтым аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, яе культуру, маральнасць і духоўнасць.


