поиск в каталоге

стрелочка Умець любіць вучуся кожны дзень…

admin11.03.2023

11 сакавіка ў бібліятэцы № 2 імя Н.К. Крупскай адбылася доўгачаканая сустрэча з паэтам, журналістам, публіцыстам, тэле- і радыёвядучым, загадчыкам аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм канала “Культура” беларускага радыё, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным журналістам Беларускага саюза журналістаў, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровым грамадзянінам г. Полацка і г. Наваполацка… Навумам Якаўлевічам Гальпяровічам.

Зусім нядаўна ён адзначаў свой сціплы юбілей і прымаў віншаванні калег, землякоў, сяброў. Атрымаў вышэйшую ўзнагароду Белтэлерадыёкампаніі за плённую шматгадовую працу. А між тым у фондзе бібліятэкі з’явіліся дзве новыя кнігі Навума Якаўлевіча. Паэтычны зборнік “Ветразь лёсу”, што адкрыў серыю “Новая бібліятэка беларускай паэзіі” і кніга прозы пад назвай “Горад”, якая складаецца з аповесцяў і апавяданняў, прысвечаных роднаму гораду пісьменніка – Полацку.

Той, хто хаця б аднойчы пазнаёміцца з творамі Навума Гальпяровіча, не зможа застацца абыякавым. Бо шчырыя, глыбокія радкі, прасякнутыя роздумам пра мінулае і сённяшні дзень, – гэта споведзь аўтара, дзённік яго жыцця і думак. Чытачы, якія прыйшлі ў бібліятэку на творчую сустрэчу з аўтарам, змаглі ў гэтым пераканацца.

Навум Якаўлевіч распавёў слухачам сваю гісторыю, насычаную падзеямі і сустрэчамі. Гаварыў пра малую Радзіму, з якой звязаны самыя цёплыя ўспаміны і самыя трапяткія пачуцці, чытаў вершы. Адказваў на пытанні прысутных пра творчую дзейнасць і не толькі. Атрымалася цікавая гутарка, якую шкада было прыпыняць. Сустрэча падарыла кожнаму прыемныя ўражанні і ўпэўненасць у тым, што ўсё ў жыцці можа мінаць, але Радзіма, песня і роднае слова застануцца назаўсёды.