«Вітаем, новая кніжка!» – прэзентацыя новай кнігі для дзяцей Міхася Пазнякова “Дзіўныя блізняты”
08.12.2022
7 снежня ў бібліятэцы № 22 адбылася прэзентацыя кнігі для дзяцей вядомага паэта, пісьменніка, старшыні Мінскага гарадскога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова “Дзіўныя блізняты”.
Завіталі ў бібліятэку на мерапрыемства навучэнцы 3 “Г” класа сэрэдняй школы № 25. Супрацоўнік бібліятэкі прадставіла госця і сказала некалькі слоў пра кнігу “Дзіўныя блізняты”.
Новая кніга Міхася Пазнякова – зборнік загадак на беларуска-рускія амонімы для малодшых школьнікаў. І выйшла кніга ў свет у Выдавецкім доме «Звязда». У кнізе – 51 загадка. Гэтую кнігу вельмі цікава праілюстравала вядомы кніжны графік Дар’я Чарняўская. Яе малюнкі ўпрыгожваюць выданне.
Міхась Паўлавіч загадваў дзецям загадкі з кнігі. Асаблівасць загадак гэтай кнігі у тым, што адказы на іх з’яўляюцца беларуска-рускімі амонімамі. Пошук адгадак зацікавіў маленькіх чытачоў. Некаторыя словы былі незнаёмыя, таму дзеці звярталіся за дапамогай да пісьменніка.
Менавіта гэтая сустрэча дапамагла дзецям глыбей пазнаць сэнс родных слоў, а многія атрымалі кнігу з аўтографам аўтара.


