Восеньскі
27.11.2024
23 лістапада ў нотна-музычнай бібліятэцы быў арганізаваны канцэрт “Восеньскі” народнага ансамбля Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта “Сарматы”. Гэты фальклорны ансамбль быў створаны ў 1992 годзе. Складаецца з энтузіястаў, улюблёных у нацыянальную гісторыю і культуру. Яго творчасць – гэта спалучэнне музычнай спадчыны старадаўніх народных, сучасных і аўтарскіх песень на словы беларускіх класікаў у фолк і фолк-рок апрацоўцы. За час існавання калектыў прымаў удзел у шматлікіх канцэртах, гастраляваў у замежных краінах. У 2000 годзе ансамблю прысвоена ганаровае званне “Народны”, а ў 2013 годзе стаў лепшым народным самадзейным ансамблем г.Мінска.
Дэбютны фолк-рок альбом пад назвай “Сармацкі рок” стартаваў у 2014 годзе, быў вельмі цёпла ўспрыняты публікай, песня “Каляда-Калядзіца” трапіла ў рэпертуар беларускамоўнага “Радыё Сталіца”. Канцэрт “Восеньскі” таксама быў прысвечаны нашай музычнай спадчыне і гісторыі. Вельмі спадабаліся слухачам песні “Сэрца ў роспачы ня плача”, “За шырокай ракою”,”Дзеванька”,”Зязюлька”,“Сарматки”,”Не журыся,хлапеча “Імжа”,”The Wincher” ці ў перакладзе на беларускую мову “Ведзьмару дайце талер”. Трэба дадаць, што апошняя песня ў 2020 годзе атрымала шмат водгукаў у байнэце,была прэзентавана беларусам да Дня роднай мовы і аказала значны ўплыў на рост папулярнасці гурта. Канцэрт адбыўся моцным, яскравым і запамінальным. Трэба дадаць,што выступае ансамбль цалкам са сваёй апаратурай і гукарэжысёрам, які з’яўляецца і мастацкім кіраўніком калектыву (Вольга Пракапцова).


