Я песняй ўславіў народ беларускі…
09.07.2026
Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы 7 ліпеня ўрачыста святкавала дзень нараджэння нашага славутага Песняра Янкі Купалы.
Падчас літаратурна-музычнай імпрэзы “Я песняй уславіў народ беларускі…” гучалі вершы Янкі Купалы і музычныя творы на словы Песняра, беларускіх паэтаў-класікаў, а таксама сучаснікаў ў выкананні паэтаў Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Жылінскай, Лізаветы Палеес, лаўрэатаў міжнародных прэмій і конкурсаў Аляксандра Валодчанкі, Наталлі Папко, музычна-харэаграфічнага дуэта “Адзін плюс адзін”, ансамбля народнай музыкі і песні “Менскі гармонік” і іншых артыстаў. Цудоўную літаратурную частку мерапарыемства прапанавала педагог, паэт, празаік, сцэнарыст, вядучая імпрэзы Вера Буландо. З супрацоўнікам бібліятэкі Таццянай Маслюковай ўзгадалі біяграфічныя і творчыя моманты з жыцця Янкі Купалы.
Янка Купала – народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР – належыць да тых выдатных асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з’яўляюцца класічнымі для нацыянальнай і сусветнай культуры. Яго паэтычнае імя з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Беларусі.
Сілай свайго таленту Купала вызначае не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і акрэслівае нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню.
Выбар літаратурнага імя – Янка Купала – для паэта Івана Дамінікавіча Луцэвіча звязаны з народным святам Купалля, пошукам чароўнай кветкі шчасця, што для паэта стала ўвасабленнем пошуку лепшай долі для народа, памкнення да светлай будучыні.
Апафеоз чалавечаму імкненню да шчасця – драматычная паэма «Адвечная песня».
Няхай ў душы кожнага з нас жыве беражлівая любоў да спадчыны паэта Янкі Купалы, а гэта значыць – любоў да нашай Беларусі!





