Якасць жыцця ў здароўі!
25.11.2024
20 лістапада ў аб’яднанні “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 прайшла творчая сустрэча з Валянцінам Андрэевічам Таўкачовым.
Валянцін Андрэевіч – член Міжнароднай асацыяцыі псіхааналітыкаў, ганаровы акадэмік Акадэміі геранталогіі, кандыдат педагагічных навук, майстар спорту па турызме і альпінізму, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Трезвенность-Оптималист» імя Г.А.Шычко. Жыве ў Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны быў малалетнім вязнем. Разам з маці прайшоў канцлагер, цудам застаўся жывы, а яго бацька палітрук загінуў пад Вязьмай. Менавіта таму, пытанне даўгалецця і выжывання яго заўсёды цікавіла, ён імкнецца пражыць 150 год – за сябе і за бацьку.
Пасля Перамогі сям’я асталявалася ў Калінінградскай вобласці. У Клайпедзе прайшла другая частка яго дзяцінства. Мужчынскае выхаванне хлопчык атрымаў ад дзядзькі-франтавіка, кіроўцы легендарнай «кацюшы». У Магілёў Валянцін Талкачоў прыехаў пасля заканчэння 7-га класа – на вучобу ў машынабудаўнічы тэхнікум. Потым па размеркаванні патрапіў на Мінскі падшыпнікавы завод, ажаніўся, стаў бацькам двух дочак – Галіны і Ганны. Менавіта тады і прысвяціў сваё жыццё фізкультуры і спорту, любімыя віды – плаванне, воднае пола, спартыўная гімнастыка, турызм, альпінізм. Жонка Сафія – такая ж аптымістка, турыстка і прыхільніца здаровага ладу жыцця. З рукзаком прайшоў увесь Савецкі Саюз, пакарыў Манблан, пабываў у многіх краінах свету.У 1990-х гадах яго запрасілі працаваць у Рэспубліканскі навучальна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва пры Міністэрстве спорту і турызму.Стварыў грамадскае аб’яднанне «Трезвенность-Оптималист» імя савецкага фізіёлага Генадзя Шычко.Арганізацыя праводзіць злёты, фестывалі, лекцыі і ўсяляк папулярызуе здаровы лад жыцця.
У свае 84 гады ходзіць у турпаходы, уладкоўвае велапрабегі, кожны дзень робіць гімнастыку, гартуецца. Актыўна прапагандуе цвярозы лад жыцця, піша кнігі па аздараўленні арганізма, праводзіць лекцыі і курсы па барацьбе з лішняй вагой, алкагалізмам, тытунёвай залежнасцю, наркаманіяй для розных аўдыторый. З’яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац і 17 кніг, сярод якіх ёсць і мастацкія – аповесць «Восхождение», зборнік турыстычных апавяданняў і вершаў «Этот возвышающий туризм» (2011г.), зборнік нарысаў «С пером и рюкзаком» (2015г.), «Энергия трезвости» (2021г.), а таксама дапаможнікі па здаровым ладзе жыцця – “Путь к трезвости” (1988г.), “Геннадий Шичко и его гениальный метод” (2023г.), “Теория и практика активной 100-летней жизни” (2024г.), “В помощь семьям, страдающим от алкоголизма родственников” (2024г.) і інш.
Валянцін Андрэевіч ведае, як пражыць доўгае, актыўнае, шчаслівае жыццё і гэтымі ведамі ён падзяліўся на сустрэчы з чытачамі нашай бібліятэкі. Распавёў аб сваёй практыцы ў рамках працы грамадскага аб’яднання і прапанаваў прайсці розныя тэсты і зрабіць дыхальную гімнастыку на час.
Сустрэча з такім актыўным аптымістам як Валянцін Таўкачоў аказала на ўсіх прысутных станоўчы эфект. Бо як важна жыць выдатна і пазітыўна.


