Ясяльдзянка з палескага краю
20.11.2023
“Жывіце і любіце, Свой беражыце дом. Як птушку ў зеніце, Мяне застане гром. Зямля – мая калыска, Табе адной відаць, Што немагчыма нізка Ні падаць, ні лятаць…” Такі запавет пакінула нам Яўгенія Янішчыц. Адна з самых яркіх і выдатных таленавітых паэтак у беларускай літаратуры. 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці яна з’явілася на свет. З’явілася, каб стаць “палескай ластаўкай”, “кнігаўкай”, “ясяльдзянкай з палескага краю”, “непрыручанай птушкай Палесся”… Птушкай, якой суджаны былі ўзлёт і прызнанне на паэтычным небасхіле, багатая і разнастайная грамадская дзейнасць, сапраўднае каханне, але вельмі кароткае жыццё і няпростыя выпрабаванні лёсу.
75 год з даты нараджэння Яўгеніі Янішчыц адзначаем мы сёлета. З гэтай нагоды ў бібліятэцы-філіяле № 2 імя Н.К. Крупскай прайшлі паэтычныя гадзіны, удзельнікамі якіх сталі вучні восьмых класаў ДУА “Гімназія №6 г. Мінска” і ДУА “Сярэдняя школа №178 г. Мінска імя Т.А. Лук’яновіча”. Васьмікласнікі даведаліся пра тыя важныя факты з жыцця Яўгеніі Янішчыц, якія моцна паўплывалі на яе творчасць. З кім з вядомых беларускіх пісьменнікаў ёй давялося мець добрыя зносіны, з кім яна працавала, з кім сябравала. Пачулі, якія словы казалі пра Жэню Янішчыц вядомыя літаратары. Пазнаёміліся з праўдзівымі, шчырымі вершамі паэтэсы, паспрабаваўшы зразумець, што было для яе галоўнай крыніцай натхнення, што хвалявала і ўражвала. Адзін з вершаў паслухалі ў выкананні Яўгеніі Янішчыц. І самі выразна прачыталі прапанаваныя вершы. Не забыліся ўзгадаць і аб тым, што многія творы паэтэсы пакладзены на музыку. Пачулі песні на вершы “Думкі” і “Ты пакліч мяне, пазаві…” Хлопцы і дзяўчаты ўважліва слухалі аповед, імкнуліся высветліць тыя моманты, якія засталіся незразумелымі. Нават пасля мерапрыемства некаторыя вучні працягвалі задаваць пытанні. А гэта значыць, што таленавітая паэзія Яўгеніі Янішчыц і сёння адгукаецца ў сэрцах слухачоў.
