З жывой крыніцы сілы набяруся…
11.04.2024
Ёсць такі крылаты выраз: “Беларусь пачынаецца там, дзе гучыць песня…”
Беларускія песні – назаўсёды з намі, і вечныя, як і вечная наша родная Беларусь… Песня беларуская вельмі мілагучная, а мова беларуская – надзіва пявучая, мяккая, ласкавая, у ёй многа чалавечай дабрыні, спагады, чыстай сардэчнасці…
Песню немагчыма пераказаць. Песню трэба слухаць. Песню трэба бачыць. Пра песню можа расказаць толькі сама песня і толькі тады, калі яе спяваюць. Народная песня – невычэрпная крыніца мудрасці і таленту нашага народа.
Чароўная мелодыя,
Якую не спыніць,
Табою авалодае
У сумнай цішыні.
І сэрца ўміг зацёхкае
Вясёлым салаўём.
І песня – птушка лёгкая –
Як толькі запяём…
10 красавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася фальклорна-этнаграфічная гасцёўня “З жывой крыніцы сілы набяруся…” Кожнае свята, асабліва фальклорнае, гэта тая гаючая крыніца для душы, якая заўсёды абуджае вясёлы і добры настрой.
На нашу гасцёўню завіталі маладыя таленты – вакальныя ансамблі харавога аддзялення гімназіі-каледжа мастацтваў ім. І.О. Ахрэмчыка.
Нашы госці падрыхтавалі незвычайную і вельмі цікавую канцэртную праграму “У рытмах вясны”. У зале гучалі класічныя творы беларускіх і замежных кампазітараў, прыгожыя і мілагучныя беларускія народныя песні, а таксама апрацоўкі беларускіх народных песень.
Увазе чытачоў супрацоўнікі бібліятэкі прапанавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу “З жывой крыніцы сілы набяруся…”

