Завітаем у кніжны клуб
27.09.2022
22 верасня супрацоўнікі бібліятэкі №5 сумесна з выдавецкім домам “Звязда” арганізавалі да Тыдня роднай мовы сустрэчу вучняў 2-х класаў сярэдняй школы №10 з беларускай дзіцячай пісьменніцай Галінай Пшонік. Яна адбылася ў не зусім звычайным месцы – у сапраўдным “Кніжным клубе пісьменнікаў”.
Галіна Барысаўна прадставіла хлопчыкам і дзяўчынкам сваю новую кнігу “Штукарствы месяцавага зайчыка”. Яна зачытала ўрыўкі з казкі, расказала пра яе герояў і іх прыгоды. Навучэнцы вельмі зацікаўлена слухалі аўтара, задавалі пытанні.
Асабліва спадабалася школьнікам адгадваць загадкі. Кожнаму хацелася быць першым і адказаць правільна.
Вучні пакідалі “Кніжны клуб пісьменнікаў” у добрым настроі. Такія сустрэчы вельмі патрэбны дзецям, бо яны даюць ім магчымасць набываць новыя веды і знаёміцца з беларускімі аўтарамі.

