99 знакамітых мясцін Беларусі
17.03.2023
17 сакавіка ў бібліятэцы № 2 імя Н.К. Крупскай адбылася займальная сустрэча – падарожжа па знакамітых мясцінах нашай сінявокай Беларусі, прымеркаванае да Года міру і стварэння. Нагодай для сустрэчы стала кніга з фонду бібліятэкі, якая аднолькава цікавая ўсім чытачам незалежна ад узросту. Кніга, з дапамогай якой у кожнага жадаючага ёсць магчымасць здзейсніць завочнае падарожжа па нашай Радзіме, – зямлі з багатай гісторыяй, самабытнай культурай і непаўторнай прыродай. Называецца гэта кніга “99 знакамітых мясцін Беларусі”.
Навучэнцам 7-ых класаў сярэдняй школы № 53 г.Мінска”, якія прыйшлі на мерапрыемства, пашчасціла ўдвая. Яны не толькі адкрылі для сябе названую кнігу, але і пазнаёміліся з яе аўтарам – шматгранным, вельмі цікавым чалавекам, аўтарам-складальнікам каля сотні навукова-папулярных кніг для дзяцей і дарослых, а па сумяшчальніцтве – начальнікам аддзела маркетынгу выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” – Дзмітрыем Васільевічам Кашаварам. Таксама на сустрэчу з дзецьмі прыйшла Юлія Васільеўна Еўдакімава, рэдактар часопіса “Рюкзачок”, у суаўтарстве з якой выйшлі кнігі серыі “Мир путешествий”.
Дзмітрый Васільевіч падрабязна распавёў дзецям пра кнігу “99 знакамітых мясцін Беларусі”. Звярнуў увагу на яе аздабленне, на размяшчэнне матэрыялу, цікавыя знаходкі. Напрыклад, на тое, што некаторыя старонкі можна “ажыўляць” пры дапамозе сучаснай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, уключанай у выданне ў выглядзе відэаролікаў. Разам з Юліяй паказалі, як гэта робіцца на практыцы.
Дзеці ўспомнілі важныя гістарычныя факты, даведаліся шмат новага і нечаканага. А яшчэ пераканаліся, што, чытаючы гэтую кнігу, можна прасачыць усю гісторыю Беларусі. Займальны аповед Дзмітрыя Васільевіча суправаджаўся прэзентацыяй. Пасля чаго хлопцы і дзяўчаты паўдзельнічалі ў цікавай віктарыне. Пераможцы яе былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі – кнігамі з аўтографам аўтара.
Падарожнічаць па свеце можна па-рознаму. Рэальна, калі мы адпраўляемся насустрач невядомаму, каб убачыць унікальныя мясціны сваёй краіны і іншых краін. А з дапамогай кніг, фантазіі і сучасных тэхналогій мы можам апынуцца ў любой кропцы свету не выходзячы з хаты. Але, які б шлях для падарожжаў мы не абралі, гэта заўсёды будзе пазнавальна і вельмі цікава. Сустрэча з Дзмітрыем Кашаварам у многіх выклікала жаданне больш падрабязна вывучаць гісторыю, культуру, традыцыі, геаграфію Беларусі. А яшчэ – жаданне наведаць цудоўныя замкі, палацы, музейныя комплексы… таму што гэта ўсё – наш нацыянальны здабытак, якім мы маем права ганарыцца і які абавязаны захоўваць і прымнажаць.

