Адна зямля ў нас з табой, адна…
22.09.2025
“Дзень адзінства народа майго –
Дзень прызнання ў любові краіне,
Дзе вышэй, даражэй усяго
Мір, і праца, і нашы святыні…”(Міхась Пазнякоў)
“Адна зямля ў нас з табой, адна…” Так называлася святочная літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная Дню народнага адзінства, якая адбылася 17 верасня ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Дзень народнага адзінства – адно з самых маладых святаў у суверэннай Беларусі. Гэтае свята было народжана самім жыццём і падказана часам.
Дзень народнага адзінства нагадвае нам пра гераічныя старонкі гісторыі нашай Радзімы, пра мужнасць, самаадданасць і патрыятызм многіх пакаленняў, якія пабудавалі нашу дзяржаву – Рэспубліку Беларусь! Гэта свята дружбы і салідарнасці, свята любові і згоды, свята веры ў аб’яднаўчую сілу народа.
Наша Беларусь – свабодная і моцная краіна, багатая лясамі, бязмежнымі палямі і рэкамі, якая славіцца сваёй культурай. Беларусы лагодныя, таленавітыя і працавітыя. Шмат людзей розных нацыянальнасцяў жыве на нашай зямлі, і трэба памятаць, што толькі ў адзінстве і згодзе наш народ – вялікая сіла.
Усе мы сёння шануем шчасце жыць у свабоднай і мірнай краіне. Мы свае на сваёй зямлі, трывала трымаемся за яе каранямі дзясяткаў папярэдніх пакаленняў. А дзе, як не ў сябе дома, адчуваеш сябе ўпэўнена і свабодна, радасна сустракаеш тых, хто прыходзіць да цябе з добрымі намерамі.


