Новы погляд на адвечныя тэмы
23.09.2025
У бібліятэцы-філіяле № 1 імя Л. М. Талстога г. Мінска адбылася літаратурна-музычная імпрэза «Восеньскага наталення спеў» з нагоды прэзентацыі дэбютнага паэтычнага зборніка Наталлі Святловай «Праз фортку сэрца» (агляд чытайце ў № 28 “ЛіМа” за 1 жніўня 2025).
Паэтычнае выданне пісьменніцы, загадчыка аддзела літаратурнага рэдагавання Выдавецкага дома «Звязда», лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій, у тым ліку Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро», Наталлі Святловай уключае інтымную і філасофскую лірыку. Вершы напоўнены шчырасцю, як на споведзі, дзе душа наросхрыст і прагне пакаяцца. Паэзію творцы можна назваць новым гучаннем адвечных тэм, дзе глыбокая самарэфлексія пераплятаецца з інтымнай вобразнасцю і тонкім адчуваннем часу, што пранікае ў кожны радок, як дыханне вечнасці.
На літаратурна-музычнай імпрэзе, прысвечанай творчаму дэбюту Наталлі Святловай, прысутнічалі выдатныя прадстаўнікі сучаснай беларускай літаратуры: Міхась Пазнякоў, Казімір Камейша, Рагнед Малахоўскі. Яны павіншавалі пісьменніцу з поспехам на творчым шляху і пажадалі натхнення і смеласці ў далейшым мастацкім пошуку.
— У Наталлі свой адметны і журналісцкі, і паэтычны голас. Вельмі прыемна віншаваць яе з першым выданнем. І вельмі прыемна падтрымаць яе талент. Калі пытаюцца, што мяне натхняе па жыцці і ў творчасці, шчыра кажу: таленавітая беларуская моладзь. Такая, як наша дэбютантка, — адзначыў на прэзентацыі выдання старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.
Як заўважыў пісьменнік і перакладчык, член СПБ Казімір Камейша, першая кніга для самога аўтара — сапраўднае свята:
— Я пазнаёміўся з Наталляй праз яе журналісцкую дзейнасць, калі яна брала ў мяне інтэрв’ю. І ўжо тады заўважыў, што гэты чалавек вельмі зацікаўлены лёсам нашай літаратуры. Нядаўна даведаўся пра першы паэтычны зборнік Наталлі і быў вельмі рады. Таямніца і загадкавасць прываблівае чытача ўжо з самой назвы «Праз фортку сэрца». І праз гэтую фортку я адчуў чысты і светлы струмень паэзіі. Наталля сапраўдны даследчык. Праз паэзію яна вывучае душу чалавека.
Паэт, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Рагнед Малахоўскі выказаў перакананне, што першая кніга – гэта візітоўка аўтара і ўсцешна, калі яна годная.
На прэзентацыю дэбютнага зборніка завітала мама пісьменніцы — Надзея Адамаўна Святлова, якая таксама звязала свой лёс з кнігай. Бібліятэкар І катэгорыі Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Піліпа Пестрака, карыфей сваёй справы з 40-гадовым працоўным стажам, яна з маленства выхавала любоў і павагу да кнігі ў будучай паэтычнай зоркі.
Я як бібліятэкар магу сказаць: маладыя чытаюць беларускую кнігу. А значыць, яе карэньчык жывы, дае ўсходы, на ім вырасце крона павагі да беларускай літаратуры. Гарыць надзея, што кожны, хто возьме ў рукі кнігу Наталлі, адчуе сэрцабіццё гэтай выдатнай творцы, шчырай суразмоўцы, і чытачам перадасца чысціня яе дабрыні, шчырасць і спагадлівасць, — з такімі кранальнымі словамі выступіла Надзея Адамаўна.
Вядучая прэзентацыі — загадчыца бібліятэкі-філіяла № 1 імя Л. М. Талстога г. Мінска Лола Іназемцава адзначыла, што імпрэзы з удзелам творцаў Саюза пісьменнікаў Беларусі ўмацоўваць літаратурныя сувязі і прыходзяцца па душы наведвальнікам бібліятэкі.
Віншуем Наталлю Святлову з творчым дэбютам і жадаем далейшых поспехаў на літаратурнай ніве!
Лізавета КРУПЯНЬКОВА



