поиск в каталоге

стрелочка Паэтычны конкурс сярод моладзі

admin20.02.2026

20 лютага у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы да Міжнароднага дня роднай мовы адбылося свята прыгожага пісьменства — паэтычны конкурс сярод моладзі, прысвечаны творчай спадчыне Міколы Маляўкі. Маладыя канкурсанты мелі магчымасць не толькі прадэманстраваць свае дэкламатарскія здольнасці і аўтарскія творы, але і атрымаць парады ад прызнаных майстроў слова.

Выступленні ўдзельнікаў ацэньвала высокапрафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя беларускія пісьменнікі: Мікола Чарняўскі, Іна Фралова, Зміцер Дземідовіч, Яўген Хвалей і галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Вольга Рацэвіч.

Падчас конкурсу панавала атмасфера творчага натхнення. Члены журы адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі моладзі, шчырасць выканання і глыбіню асэнсавання паэтычных тэкстаў. Асаблівая ўвага надавалася пераемнасці пакаленняў: маладыя людзі звярталіся да тэм роднага краю, мовы і прыроды, якія былі цэнтральнымі ў творчасці Міколы Маляўкі.

Вольга Рацэвіч, як галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, падкрэсліла важнасць такіх ініцыятыў для пошуку новых імёнаў у беларускай літаратуры і запрасіла лепшых аўтараў да супрацоўніцтва з выданнем.