Дзяцінства – гэта радасць!
01.06.2023
1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы дадзены старт займальнаму чытанню і розным пазнавальна-забаўляльным мерапрыемствам, якія будуць праходзіць падчас летніх канікул. Для сваіх юных чытачоў супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі цікавую конкурсна-гульнявую праграму “Дзяцінства – гэта радасць!”
Свята ў бібліятэцы пачалося з забаўляльна-выхаваўчай гульні для маленькіх дзяцей і іх бацькоў – пальчыкавы тэатр “Разам весела чытаць!”
На дзіцячай пляцоўцы да Дня аховы дзяцей была падрыхтавана кніжная выстава-парада “Вясёлка планеты Дзяцінства”.
Для наведвальнікаў школьнага лагера сярэдняй школы № 64 бібліятэкары падрыхтавалі інтэрактыўную гульню-загадку “Буслава лета”.
Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы заўсёды гасцінна прымае гасцей. Для наведвальнікаў школьнага лагера СШ №78 адбылася творчая сустрэча з сучаснай дзіцячай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамарай Бунта.
Падчас сустрэчы Тамара Пятроўна акцэнтавала ўвагу на сваёй кнізе апавяданняў “Чароўны кошык”, у якой ідзе гаворка пра сучасных дзяцей і іх жыццёвыя выпрабаванні. Дзеці з задавальненнем паслухалі вусны пераказ апавядання “Віншуем з ноччу нараджэння” ў выкананні аўтара.
Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі і сувеніры, пасля таго як Тамара Пятроўна ў жартоўнай гульнявой форме “праверыла” іх на веданне аўтараў і твораў дзіцячай літаратуры. З задавальненнем і з бачным азартам, дзеці адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны, з поспехам адгадалі ўсе беларускія загадкі.
На працягу ўсяго дня на пляцоўцы каля бібліятэкі для чытачоў і гасцей праходзілі літаратурныя гульні, віктарыны, конкурсы, турніры “Хачу ўсё ведаць” і майстар-клас па маляванню “Малююць дзеці аб ўсім на свеце”.



