поиск в каталоге

стрелочка Азбукі і буквары нашых продкаў

admin27.09.2022

На працягу года Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы разам з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рэалізуе праект у межах культурна-асветніцкай праграмы “Зберагаючы традыцыі, глядзім у будучыню: Спадчына продкаў”, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.

27 верасня 2022 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з супрацоўнікамі адзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Паляшчук Наталля Вікенцьеўна і Ярмоленка Эльвіра Валер’еўна падрыхтавалі навукова-папулярную лекцыю з мультымедыйнай прэзентацыяй “Азбукі і буквары нашых продкаў”.

Буквар стаў першай кнігай для большасці з нас. Гэта не толькі першая кніга для навучання грамаце, але і выхавацель вышэйшых агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Праз яго мы набываем не толькі здольнасці да чытання, а таксама атрымліваем галоўныя веды пра Айчыну, свой народ і культуру.

З Буквара сёння пачынаецца школьнае навучанне. Гэтак было і з нашымі бацькамі, і з бацькамі нашых бацькоў, і з іх бацькамі. У наш час мала хто ўяўляе сваё жыццё без Буквара. Але ўсё мае свой пачатак. Быў пачатак і ў Буквара.

Сапраўдным гонарам айчыннай кніжнай культуры з’яўляецца той факт, што першая ў свеце кніга, якая мела назву “Буквар”, была выпушчана беларускай друкарняй. Гэта адбылося больш чым 400 гадоў таму!

Супрацоўнікі Акадэміі навук не толькі расказалі пра гісторыю айчыннага буквара, але і прынеслі з сабой факсімільнае выданне  “Буквара”. І мы мелі магчымасць патрымаць рарытэты ў руках і пагартаць старонкі гэтых цудоўных выданняў.

 Да сустрэчы супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана кніжнай выстава “Буквар – пачатак усіх пачаткаў”.