Канцэрт народнага хора ветэранаў “Спадчына”
11.03.2026
27 лютага ў нотна-музычнай бібліятэцы адбыўся канцэрт народнага хора ветэранаў “Спадчына” пад кіраўніцтвам С. Задрэйка, які быў прысвечаны 100-годдзю вядомага і таленавітага кампазітара А. С. Зацэпіна.
Аляксандр Сяргеевіч Зацэпін — савецкі і расійскі кампазітар. Атрымаў вядомасць як аўтар музыкі да многіх папулярных фільмаў, у тым ліку амаль да ўсіх фільмаў Леаніда Гайдая. Скончыў у 1956 годзе кансерваторыю ў Алма-Аце па класе фартэпіяна і кампазіцыі (педагог Я. Р. Брусілоўскі). Дыпломная работа — балет «Стары Хатабыч», які паставілі ў Алма-Ацінскім тэатры оперы і балета. Працаваў музычным афарміцелем на студыі «Казахфільм». У тым жа 1956 годзе напісаў музыку да свайго першага фільма «Наш мілы доктар».
Кампазітар напісаў больш за 300 песень і музыку больш як да 120 фільмаў і мультфільмаў. Аляксандр Зацэпін — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі (1997), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук (2002), член Саюза кампазітараў СССР (1956) і Саюза кінематаграфістаў СССР (1957).
Праграма канцэрта была цалкам складзена з песень А. Зацэпіна. Спачатку мерапрыемства вядучы распавёў пра жыццё і творчасць кампазітара. Падчас вечарыны прысутныя пачулі такія песні, як «До свидания, лето», «Есть только миг», «Костер на снегу», «Волшебник-недоучка», «Ищу тебя», «Песенка о медведях», «С любовью встретиться», «Найди себе друга», «Когда тебя зовет любовь», «Кап-кап-кап» і інш. Слухачы з задавальненнем прымалі знаёмыя і любімыя песні і шчодра ўзнагароджвалі выканаўцаў апладысментамі. Мы вельмі ўдзячны народнаму хору ветэранаў “Спадчына” за цудоўнае выкананне песень А. С. Зацэпіна і будзем чакаць яго ўдзельнікаў у нашай бібліятэцы з новымі праграмамі!

