поиск в каталоге

стрелочка Прэзентацыя праекта “Архіў Міколы Аляксеевіча Козенкі” і аднайменнага youtube-канала

admin19.02.2026

18 лютага 2026 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя праекта “Архіў Міколы Аляксеевіча Козенкі” і аднайменнага youtube-канала.

Мікола Козенка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, а таксама адзін з аўтараў шматтомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Усё жыццё Мікола Аляксеевіч прысвяціў традыцыйнаму танцу. Яго называюць адным з самых вядомых этнахарэографаў і этнапедагогаў Беларусі. З 1970-х гадоў і да сёння Мікола Козенка вывучае танцавальную культуру беларусаў і папулярызуе яе праз выкладанне, шматлікія майстар-класы, выступленні і арганізацыю фальклорных фестываляў.

Этнаграфічны матэрыял, да якога звяртаецца Мікола Аляксеевіч у сваёй дзейнасці, – знойдзены ім і сабраны ў экспедыцыях, якія ладзіліся па ўсёй Беларусі.

Праект па апрацоўцы архіва Міколы Аляксеевіча Козенкі – валанцёрская ініцыятыва. На працягу трох гадоў валанцёры працавалі з матэрыяламі, апісвалі кожнае відэа, катэгарызавалі і рыхтавалі да апублікавання. Усе відэа сталі дасяжныя ў дзень прэзентацыі праекта. У будучым youtube-канал “Архіў Мікола Аляксеевіча Козенкі” паступова будзе папаўняцца відэа, запісанымі ва ўсіх абласцях Беларусі.

Архіўныя матэрыялы Міколы Аляксеевіча Козенкі стануць шчодрай крыніцай ведаў і мудрасці нашых продкаў, багатым візуальным матэрыялам.

Падчас прэзентацыя быў праведзены майстар-клас. Завяршылася імпрэза так, як праходзілі вечары ў вёсках у даўнейшыя часы, –  традыцыйнымі танцамі пад жывое выкананне.