Прэзентацыя праекта “Архіў Міколы Аляксеевіча Козенкі” і аднайменнага youtube-канала
19.02.2026
18 лютага 2026 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя праекта “Архіў Міколы Аляксеевіча Козенкі” і аднайменнага youtube-канала.
Мікола Козенка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, а таксама адзін з аўтараў шматтомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”. Усё жыццё Мікола Аляксеевіч прысвяціў традыцыйнаму танцу. Яго называюць адным з самых вядомых этнахарэографаў і этнапедагогаў Беларусі. З 1970-х гадоў і да сёння Мікола Козенка вывучае танцавальную культуру беларусаў і папулярызуе яе праз выкладанне, шматлікія майстар-класы, выступленні і арганізацыю фальклорных фестываляў.
Этнаграфічны матэрыял, да якога звяртаецца Мікола Аляксеевіч у сваёй дзейнасці, – знойдзены ім і сабраны ў экспедыцыях, якія ладзіліся па ўсёй Беларусі.
Праект па апрацоўцы архіва Міколы Аляксеевіча Козенкі – валанцёрская ініцыятыва. На працягу трох гадоў валанцёры працавалі з матэрыяламі, апісвалі кожнае відэа, катэгарызавалі і рыхтавалі да апублікавання. Усе відэа сталі дасяжныя ў дзень прэзентацыі праекта. У будучым youtube-канал “Архіў Мікола Аляксеевіча Козенкі” паступова будзе папаўняцца відэа, запісанымі ва ўсіх абласцях Беларусі.
Архіўныя матэрыялы Міколы Аляксеевіча Козенкі стануць шчодрай крыніцай ведаў і мудрасці нашых продкаў, багатым візуальным матэрыялам.
Падчас прэзентацыя быў праведзены майстар-клас. Завяршылася імпрэза так, як праходзілі вечары ў вёсках у даўнейшыя часы, – традыцыйнымі танцамі пад жывое выкананне.

