Пятрусь Броўка. Маё XX стагоддзе…
26.10.2022
26 кастрычніка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі “Пятрусь Броўка. Маё XX стагоддзе…”. Літаратурная выстава была прымеркавана да Года гістарычнай памяці.
Сапраўдным летапісам часу з’яўляецца кніга, творчая спадчыны беларускіх пісьменнікаў. Іх творчасць праслаўляе беларускі народ, яго менталітэт, культуру, багатую гісторыю і духоўны свет.
Выстава прапанавана Літаратурным музеем Пятруся Броўкі, філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Навуковы супрацоўнік музея Дарыя Валер’еўна Карчашкіна вельмі пранікнёна распавяла навучэнцам філіяла БДЭУ “Мінскі гандлёвы каледж” пра цікавыя факты з жыцця і творчай дзейнасці Петруся Броўкі – выдатнага паэта, драматурга, празаіка, публіцыста, вучонага-асветніка.
Ён аўтар шматлікіх кніг паэзіі, кніг аповесцей і апавяданняў, аднаго рамана. Выступаў таксама як перакладчык. Яго творы перакладзены на многія мовы народаў свету.
Літаратура стала для яго творчым лёсам. Сіла яго твораў – у вялікай любві да роднага краю, да свайго народа.
Ад Дарыі Валер’еўны мы даведаліся пра цікавыя факты з жыцця пісьменніка. Пятрусь Броўка быў эмацыянальным, узнёслым чалавекам, любіў спяваць песні. Быў глыбока ўлюблёны ў родную прыроду. Шчыра сардэчна любіў людзей, быў здольны паважаць кожнага чалавека як асобу і дапамагаць кожнаму, хто меў у гэтым патрэбу.
Шмат трагічнага перажыў пісьменнік: яго маці – Алена Сцяпанаўна, у час нямецкай акупацыі была вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула. Ёй прысвечана паэма «Голас сэрца».
Пятрусь Броўка – сын складанага 20 стагоддзя. Аб гэтым ён сам сказаў у вершы “Маё Дваццатае Стагоддзе” (1974):
“Маё Дваццатае Стагоддзе – Усё пражытае з Табой”.
Не адно пакаленне людзей будзе пазнаваць Беларусь і беларусаў, чытаючы творы Петруся Броўкі і слухаючы песні на яго словы.

