Свята народнай музыкі
17.05.2023
17 мая ў нотна-музычнай бібліятэцы адбыўся чарговы канцэрт Музычнай капэлы аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
На гэты раз атрымаўся сапраўдны беняфіс вядомага даследчыка беларускай народнай музыкі, мульціінстументалісткі і спявачкі Кацярыны Радзівілавай. Яна выканала шмат народных твораў на розных інструментах: на дудзе “Качан” і “Таўкачыкі”, на жалейцы вальс “Зінаіда” З.Губаравай-Крупскай, на гуслях “Лявоніху”, на колавай ліры польку 30-х гадоў у апрацоўцы Кліма Лагуцькі, а таксама цудоўна праспявала народныя песні “Сівы конь бяжыць” і “Балада пра Цмока” ў суправаджэнні гусляў; духоўныя вершы “А чаго ты плачаш, душа утамлёна”, “Ійшлі, прайшлі тры анёлы”, лірніцкую песню пра Блуднага сына “Я брадзіў па свету”, Псальм з Салігорскага раёна, запісаны ад Матроны, дачкі народнага музыкі Івана Сарокіна, песню “Дарожка” ў суправаджэнні колавай ліры. Не абыйшлося і без народнай скрыпкі. На ёй Кацярына выканала шэраг мазурак, сярод іх народнага музыкі Антона Высоцкага, Крэўскі мазурак, абэрэк і марш з Валожынскага раёна. Дакранулася да душы кожнага гледача і песня “Сіраце” ў суправаджэнні скрыпкі.
На працягу імпрэзы Кацярына Радзівілава таксама падрабязна распавядала аб асаблівасцях канструкцыі і выканання на кожным музычным інструменце. Зацікаўленыя і ўзрушаныя моцным талентам музыкі гледачы доўга не адпускалі яе са сцэны, загадвалі шмат пытанняў і атрымлівалі падрабязныя адказы. Адбылося сапраўднае свята народнай музыкі.
