поиск в каталоге

стрелочка ЖАНЧЫНЫ ДЗІЎНЫ СВЕТ

admin10.02.2026

Бібліятэка № 15 імя Цёткі і РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” ў рамках Года беларускай жанчыны зладзілі 7 лютага 2026 года ў Ліцэі БНТУ творчую сустрэчу з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсай, журналістам, загадчыкам аддзела літаратурнага рэдагавання Выдавецкага дома “Звязда” Наталляй Святловай, якая з’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый у газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Новая Немига литературная», лаўрэатам рэспубліканскага творчага конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» ў намінацыі «За лепшую работу ў мастацка-публіцыстычных жанрах», лаўрэатам рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі «Пад знакам Года малой радзімы» (дыплом ІІ ступені), пераможцай VI Адкрытага творчага конкурсу «Еўразійская інтэграцыя і развіццё — ХХІ стагоддзе» Еўразійскага банка развіцця ў намінацыі «Найлепшая публікацыя па тэме гуманітарнай інтэграцыі».

Прадстаўляючы свой дэбютны паэтычны зборнік “Праз фортку сэрца”, што пабачыў свет летась у Выдавецкім доме “Звязда”, аўтар сфакусіравалася на месцы кнігі ў сённяшнім часе, калі імкліва развіваюцца тэхналогіі, робататэхніка, электронныя камунікацыі: “Сёння ўсе засяроджаны на стварэнні сайтаў, вядзенні блогаў, сацыяльных сетак, а што застаецца кнізе? Якая ўвага ёй — сведцы часу, яго здабыткаў і страт, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры, яго герояў, асоб?.. Кніга — сусвет, які злучае мінулае, поўнае загадак, і сучаснасць, поўную нязведанага”. Кніга з’яўляецца сувяззю пакаленняў, зберагальніцай гісторыі, пераканана творца. Пра гэта прагучаў верш Наталлі “Каралева кніга”. Трапнай аказалася прыведзеная цытата амерыканскай пісьменніцы Г. Бічэр: “Кнігі — вокны, скрозь якія выглядвае душа”. З гэтым якраз перагукаецца назва зборніка Наталлі “Праз фортку сэрца”.

Ці можна ўявіць кнігу без роднай мовы? Разам з кнігай сімвалам беларускай культуры з’яўляецца родная мова, праслаўленая такімі вядомымі імёнамі, як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Максім Танк, Аляксей Пысін, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак і інш. Новыя вершы Наталлі Святловай “Наталіся” і “Беларуская мова”, прадстаўленыя падчас творчай          сустрэчы, сталі адметнымі фарбамі ў адлюстраванні багацця айчыннай культуры, дзе родная мова займае цэнтральнае месца. Пераймаючы прыродныя сюжэты, Наталля ўзбагачае іх духоўным асэнсаваннем. Судакрананне ўнутранага са знешнім — і ў інтымнай лірыцы паэтэсы. Як прыклад — верш “Ружаў пяць”, які не пакінуў абыякавым прысутных і стаў нагодай для інтэрактыву. Рамантычна-ўзнёслая, аўтар падарыла магутны зарад творчай энергіі і прыадкрыла сакрэт паэтычнага майстэрства. Юным аматарам паэзіі — навучэнцам Ліцэя БНТУ — было цікава пазнаёміцца з творчасцю паэтэсы, яе дэбютным зборнікам, узяць аўтограф. Думаецца, лірычная прырода таленту Наталлі абудзіла ў хлопцаў і дзяўчат імпэт да паэзіі. Нездарма французскі паэт Ламарцін казаў, што паэзія — самая велічная форма, у якую можа ўвасобіцца чалавечая думка.

Асобная частка выступлення Наталлі была прысвечана жанчыне, якой на дзяржаўным узроўні прысвечаны 2026 год. Прагучалі кранальныя вершы аўтара пра маму. Як вядома, за філасофскімі высновамі і знаходкамі стаіць асоба паэта і яго адметны вопыт. У вершах Наталлі Святловай адчуваецца навізна і арыгінальны погляд на традыцыйныя тэмы.

Іна Іванаўна Коршунава